РАГАЧОЎШЧЫНА КАРАТКЕВІЧА
(26.11.1930 – 25.07.1984)
Для Уладзіміра Караткевіча Рагачоў быў тым месцам, што для А.С.Пушкіна Болдзіна ці для Янкі Купалы Акопы. Тут ён з задавальненнем працаваў, адпачываў, лавіў рыбу, хадзіў на паляванне, сустракаўся з цікавымі людзьмі.
Пісьменнік любіў роднае Прыдня-проўе. На гэтай зямлі ён напісаў многія свае творы. Некаторыя з іх пры-свечаны роднай старонцы і яе людзям.
Заўсёды гасцінным і утульным для Уладзіміра Караткевіча быў дом па вуліцы Чкалава ў горадзе Рагачове, які яшчэ ў 1914 годзе пабудаваў яго дзед Васіль Юллянавіч Грынкевіч. Шмат пачутага ад дзеда ў дзяцінстве У. Караткевіч пазней выкарыстаў у сваёй творчасці. Так, галоўны герой апавядання “Дзядуля” вельмі падобны на дзеда Васіля. Маці пісьменніка Надзея Васільеўна нарадзілася ў Рагачове, там жа і пазнаёмілася з бацькам Уладзіміра, Сямёнам Цімафеевічам Караткевічам, потым пераехалі ў Оршу. Адзін з першых твораў, апавяданне “Багун-трава” У. Караткевіч прысвяціў любімай матулі, а потым яшчэ і раман “Каласы пад сярпом тваім” (1962), пачатак якога ўзнік каля вёскі Азярышча.
Многія з твораў У. Караткевіч стварыў у Рагачове. Так, паэму “Зямля дзядоў” ён пачаў пісаць ў 1950 годзе. У ёй паэт згадаў “руіны замка каралевы Боны і над Дняпром шырокім курганы”, “Збароў, дзе некалі мая матуля вясковаю настаўніцай была”, капліцу “над бабчынай магілаю старой”, дзядзьку-рыбака, дом “пад разгатаю таполяй”, дзе “расце на змену самы меншы брат”, выказаў сваю любоў да роднай зямлі і яе народа.
Асабліва пісьменніку падабалася вёска Кісцяні: “…а вышэй ад горада лясы ідуць і вёскі на адхонах такія, што сэрца заходзіцца ад замілавання. Адны Кісцяні чаго варты!”. Падзеі аповесці “Сівая легенда” (1960) адбываюцца ў Кісцянёўскім замку.
У ліпені-жніўні 1964 года была напісана ў Рагачове і легенда “Ладзя роспачы”, нарысы пра Латвію “Казкі янтарнай краіны”, аўтабіяграфія “Дарогаю, якую прайшоў”, апавяданне “Дрэва вечнасці” і іншыя творы.
У 1966 годзе ў Рагачове была закон-чана аповесць “Чазенія” і раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.
Уладзімір Караткевіч нібы прадчуваў смерць. У апошнія месяцы жыцця, развітваючыся, наведаў дарагія яму мясціны:Рагачоў, Кіеў…


